Беларуская Служба

Хор вольных беларусаў запісаў альбом на словы вядомай беларускай паэткі Беласточчыны 

19.02.2025 19:54
«Я адчуў бліскасць з Надзеяй. І, па-мойму, калі мы сустрэліся, здаецца мне, і яна адчула са мною нейкую такую роднаснасць менавіта паэтычную».
Аўдыё
  • Хор вольных беларусаў запісаў альбом на словы вядомай беларускай паэткі Беласточчыны 
Праект «Звышверш» выканаў Хор вольных беларусаў «Гук цішы».

У дзень народзінаў паэткі з Бельску-Падляскага (Беласточчына) Надзеі Артымовіч вершы аўтаркі загучалі ў выглядзе харавых кампазіцый і дэкламацыі пад фартэпіяна. Праект «Звышверш» выканаў Хор вольных беларусаў «Гук цішы». Аўтарам музычна-паэтычнай праграмы з’яўляецца кампазітар, паэт і журналіст Віктар Сямашка, але ў праекце таксама ўдзельнічаюць іншыя асобы.

Віктар Сямашка сказаў нам, што аўтарам праекту аднак трэба лічыць саму паэтку Надзею Артымовіч.

— Усё ж такі я лічу Надзею галоўнай аўтаркай гэтага альбома, і можа нават было б правільней і на вокладцы пазначыць толькі ейнае імя, але я пазначыў і Канстанціна Яськова, і Хор вольных беларусаў «Гук цішы», якія сталі маімі партнёрамі ў гэтай працы.
У гэтай праграме, можна сказаць, тры падыходы да паэзіі Надзеі. Яна пісала свабодным вершам, верлібрам альбо, інакш кажучы, белым вершам, дзе няма дакладнага рытму, рыфмы, хаця часам і ёсць. Тут частка тэкстаў пададзеная проста як мая дэкламацыя, частка — як дэкламацыя пад мой акампанемент пад фартэпіяна. А чатыры творы, мне падаецца самыя ключавыя ў гэтым альбоме, выкананыя з хорам.

Мелодыі там мае, аранжыроўкі, харавыя адаптацыі зрабіў згаданы ўжо Канстанцін Яськоў, беларускі кампазітар, які жыве зараз у Сопаце. Каб выканаць гэтыя гатовыя партытуры, я знайшоў Хор вольных беларусаў з Варшавы. Зрабіўшы некалькі гукавых сесіяў, мы ўсё гэта запісалі.

Фактычна мы над гэтым альбомам працавалі цягам года. Паспелі апублікаваць увесь матэрыял у інтэрнэце якраз на дзень народзінаў Надзеі Артымовіч 18 лютага. Гэта атрымаўся і такі падарунак з аднаго боку, а з іншага — такі гукавы помнік таксама.

. .

Віктар, чаму менавіта Надзеі Артымовіч вырашылі вы прысвяціць толькі часу, толькі заангажавання, толькі кампазітарскай працы?

— Мы з ёй пазнаёміліся яшчэ на літаратурным семінары «Бязмежжа» ў Белавежскай пушчы. Я адчуў бліскасць з Надзеяй. І, па мойму, калі мы сустрэліся, здаецца мне, і яна адчула са мною нейкую такую роднаснасць менавіта паэтычную. Таму што я таксама пішу ў асноўным верлібрам. Магчыма, і ў светаадчуванні мы таксама неяк перасякаемся. Я ведаю, што быў яе зборнік супольны з Алесем Разанавым, а для мяне гэта таксама велічыня нумар адзін у сучаснай беларускай паэзіі. І я адчуў, што магу гэта зрабіць. Мне проста цікавай была такая творчая задача. А, калі выбіраць з прадстаўнікоў беларускай літаратуры Падляшша, то хіба што Надзея — самая такая адметная і самая такая не кансэрватыўная ў пэўным сэнсе.

Ідэі, каб зрабіць нешта супольнае ўзніклі ў мяне, калі Надзея была яшчэ ў нашым свеце, але паколькі яна вяла аскетычны лад жыцця і асабліва з нікім не кантактавала, а я не люблю публічна раскрываць свае ідэі, я спрабаваў неяк з ёю звязацца і нават здабыў яе нумар, але яна не адказвала, і гэта не атрымалася. Потым, калі яна адышла, а для мяне была гэта зусім нечаканая навіна,  — можа нехта з блізкіх да гэтага быў больш падрыхтаваны,  — я вырашыў зрабіць гэтую праграму ўжо постфактум, каб нашая супраца ўсё роўна адбылася. Тады і кніжка выйшла «Пейзаж з невідочнай памылкай» — ейны зборнік з перакладамі на польскую мову. Значыць, быў матэрыял, былі ідэі, і я паспрабаваў гэта ўсё здзейсніць.

Поўная размова з Віктарам Сямашкам — слухайце аўдыёфайл

Размаўляў Яраслаў Іванюк

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы